ПРА́ЖСКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1420,

першапачаткова сумесная праграма памяркоўнага (чашнікі) і радыкальнага (табарыты) крыла гусітаў (прыхільнікаў ідэй Я.Гуса), прынятая ў ліп. 1420 у Празе ў пачатку гусіцкіх войнаў. Былі сфармуляваны ў выглядзе 4 артыкулаў: секулярызацыя царк. зямель, свабода гусіцкіх пропаведзяў, ліквідацыя выключнага становішча каталіцкага духавенства, пакаранне асоб, вінаватых у «смяротных грахах», пад якімі табарыты разумелі і сац. прыгнёт. Чашнікі, якія на першы план ставілі барацьбу супраць каталіцкага духавенства і нац. прыгнёту, імкнуліся звесці П.а. да патрабавання «таннай царквы». Не згодныя з гэтым табарыты 5.8.1420 прапанавалі ўласную праграму («Дванаццаць пражскіх артыкулаў»), П.а. засталіся праграмай чашнікаў і былі ў асн. рэалізаваны імі ў пагадненнях 1433 і 1436 з феад.-каталіцкім лагерам (т.зв. «Пражскія кампактаты»).

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)